Actions

Work Header

Філіжанка

Summary:

Габі глядзіць на філіжанку і ўспамінае.

Notes:

Я адразу ведала, што на слова "філіжанка" будзе unrequited Габі/Мэдзі. Чамусьці.

Work Text:

Філіжанка самотна тырчала на голым стале: балючы напамін пра жыццё ў Канадзе. Здымныя кватэры, нэўрозы і трэніроўкі да знямогі... і Мэдзі.

Мэдзі падарыла ёй гэтую філіжанку, пасля таго балючага чэмпіянату ў Грацы. Пасля просталінейных каментароў самой Мэдзі падчас чэмпіянату ЗША. Мэдзі не хавала свайго стаўлення да судзейскай сістэмы, не хавала сваіх меркаванняў наконт таго, што Габі з Гіёмам суддзі часам выбачалі вельмі многае. Нягледзячы на гэта, яны заставаліся блізкімі сяброўкамі. Магчыма, з-за таго, што з боку Габі гэта было нечым большым, чым сяброўства?

Белая парцалянавая філіжанка з залатым абадком, і на белым бачку (што глядзіць вонкі, калі ўзяцца за выгнутую ручку правай рукой) намаляваная дзікая ружа. Мэдзі сказала, што адразу прыгадала яе, толькі ўбачыла гэтую філіжанку на рынку на рагу, куды ў выходныя сцякаліся гандляры з усялякімі таварамі, ад антыкварыяту да зазубняў. Сказала, што вытанчанасць і дзікая ружа — гэта словы, якімі можна апісаць Габі. Габі тады карцела адказаць, што не такая ўжо яна дзікая, што яе можна абрахманіць. Але Мэдзі б не зразумела — ці зразумела не так. Да галавы Мэдзі ніколі не прыходзіла думка, што яны маглі б быць чымсьці большым, чым проста сяброўкамі.

Мусіць, таму, што не маглі б.

Філіжанка — першае, што Габі дастала са сваіх валізаў, калі вярнулася дадому. І пакінула на стале, каб успамінаць пра Мэдзі кожны раз, калі праходзіць побач. Мабыць, у яе ёсць нейкія схільнасці да мазахізму...

У наступным годзе Мэдзі ажэніцца. Нельга сказаць, быццам гэты факт нешта кардынальна зменіць — усё адно у Габі шанцаў няма. Тым не менш дата вяселля адчувалася як нешта, надыход чаго вельмі хочацца адкласці. Нешта, пасля чаго штосьці зменіцца назаўсёды.

Калі б толькі Габі была смялейшай, то, можа, падпаіла б неяк Мэдзі дый намовіла стаць ейнаю, хаця б на ноч. Ці калі б кахала менш і менш клапацілася.

Пасля ночы заўжды надыходзіць раніца.

 

У Мэдзі будзе найпрыгажэйшае вяселле, і Габі будзе там весяліцца з усёй моцы, і ўпотай фатаграфаваць Мэдзі — у той самай сукенцы, якую яны абіралі ўдваіх. А пасля Габі будзе рыдаць адна ў нумары гатэлю, але гэтага ніхто не ўбачыць.

Але гэта ўсё будзе яшчэ не зараз. Зараз ёсць самотная філіжанка з дзікай ружай і спякотнае французскае лета за акном. Ёсць час прыстасавацца, каб жыць без Мэдзі побач.

28.06.2022